| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Скарыны ня будзе, ARCHE застаецца Зьмяняецца канцэпцыя часопісаў ARCHE. ARCHE-Скарына, які зьмяшчаў аналітыку, крытычныя агляды, эсэі і рэцэнзіі, больш выходзіць ня будзе. Гэта значыць, што больш ня будзе тоўстых і тонкіх нумароў ARCHE. Раз на два месяцы цяпер чытачы пабачаць толькі адзін, на 170-200 старонках, і гэты часопіс будзе адрозьнівацца ад ранейшага. Зьмены выкліканыя тымі падзеямі, што адбываюцца на рынку літаратурна-публіцыстычных выданьняў Беларусі. Закрыцьцё “Крыніцы”, стварэньне голдынгу літаратурна-мастацкіх часопісаў пазбавіла шмат якіх пісьменьнікаў месца для публікацыі сваіх твораў. Валерка Булгакаў – галоўны рэдактар ARCHE – распавёў пра новае ў тэматычным фармаце выданьняў. — Сёлета ARCHE выйдзе шэсьць разоў. Рэальна апошнія нумары могуць выйсьці пры канцы гэтага году – пачатку наступнага. Мы будзем адмаўляцца ад тэматычных нумароў, але сёлета выйдзе дзіцячы нумар ARCHE, які мы ўжо падрыхтавалі. Справа ў тым, што рыхтуючы тэматычныя нумары, мы падпарадкуемся пэўнай спакусе: ёсьць такія арганізацыі, якія могуць матэрыяльна падтрымаць тэматычны нумар часопісу. І мы мусім рэагаваць на такія магчымасьці. –- Ці можна спадзявацца, што ARCHE будзе выходзіць рэгулярна, напрыклад раз на месяц? –- Гэта найбальнейшая праблема. Папросту мы ўсе залежныя ад бягучай культурнай, нават міжнароднай, кан’юнктуры, ад нейкіх фактараў, якія ўплываюць на нашую работу і якія мы нават не адчуваем. А па-другое, у адрозьненьні ад газэты, тыднёвіка, часопіс не разглядаецца як інфармацыйнае выданьне. Правільна, што калі стаць дагары нагамі, магчыма, удалося б прабіць штомесячны выпуск. Але гэта вымагае калясальнае канцэнтрацыі. А ў сытуацыі, калі адсутнічае сталы штат, сталая сядзіба, папросту няма разьвітай інфраструктуры часопіса, то гэта мала рэальна. У сытуацыі рэзкай ломкі ў прасторы беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісаў мы вырашылі адмовіцца ад чаргаваньня тоўстага і тонкага нумароў, пераўтварыцца ў літаратурны часопіс з шырэйшай аўдыторыяй. — Ці пашырыцца кола аўтароў і чытачоў са зьмяненьнем канцэпцыі? — Канцэпцыя толькі цяпер пачынае вымалёўвацца. Я паставіў задачу пабольшыць тыраж з 1100 да 1300 асобнікаў. Мы хочам падтрымаць аўтараў, якія былі звольненыя з дзяржаўных часопісаў і, магчыма, прапанаваць ім нейкую працу на той час, пакуль яны ня знойдуць нешта іншае. — Але “Скарына” з-за свайго невялікага фармату мог выдавацца часьцей, і гэта значыць, даваць больш актуальную інфармацыю? — Ёсьць адваротны бок праблемы ў тым, што часопіс ARCHE-Скарына горш прадаваўся за тэматычныя нумары. Наш чытач прызвычаіўся купляць нячаста, але таўсьцейшыя часопісы. Справа ў тым, што наш часопіс часткова самаакупны і мы вельмі залежныя ад таго, наколькі добра ён прадаецца. Усё, што было ў Скарыне, будзе й у новым ARCHE. У нашым рэдакцыйным партфэлі ўжо зараз ёсьць 110 тэкстаў, а гэта на сем нумароў наперад. Публіцыстыка, якая раней галоўным чынам друкавалася ў “Скарыне”, інтэгруецца ў новы часопіс. Мы будзем працягваць дасьледаваць і найбольш актуальныя палітычныя пытаньні, але больш дасканалы іх разгляд будзе ажыцьцяўляцца ў межах аналітычнага і выдавецкага праекту Фонду ARCHE. У новым ARCHE будзе больш літаратурных тэкстаў. У наступным нумары чытач пабачыць творы Ўладзімера Арлова (аповеды “Маша і мядзьведзі”), Алеся Разанава (паэзія пад назвай “Заваёўнікі”), Славаміра Адамовіча (Амэрыканскі дзёньнік “Як я зарабіў дзесяць тысяч даляраў”) ды іншых аўтараў, якіх раней не было на старонках часопіса. А пераклады іншамоўных тэкстаў цяпер будуць больш скіраваныя на беларускую сытуацыю, у першую чаргу літаратурную. Юрась Бушлякоў назваў новы часопіс “Полымем” XXI стагодзьдзя”. |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|